ТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

сукупнасць работ па вызначэнні становішча характэрных пунктаў мясцовасці для атрымання графічнай ці аналітычнай яе мадэлі — тапаграфічнай карты. Падзяляецца на аэрафотатапагр., фотатэадалітную, мензульную і тахеаметрычную. Палявыя работы пры Т.з. ўключаюць: выпрацоўку планава-вышыннага абгрунтавання на аснове геад. сетак (пракладка тэадалітных і нівелірных хадоў, мікратрыянгуляцыя, геадэзічныя засечкі), здымку характэрных пунктаў сітуацыі і рэльефу; камеральныя работы — вылічэнні, апрацоўку аэра- і фотатэадалітных здымкаў і пабудову арыгінала карты. Асн. Т.з. — аэрафотатапаграфічная, якая ўключае камбінаваную і стэрэатапаграфічную здымку. Камбінаваная здымка выконваецца мензульным спосабам на фотапланах, якія вырабляюць з аэраздымкаў. Гл. таксама Аэрафотаздымка, Аэрафотатапаграфія, Тапаграфія.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)